Описание
Ідэя ставрэння гэтага праекта нарадзілася ўжо даўно, яшчэ калі я была студэнткай...
Пра мяне...
Я жыла ў інтэрнаце ў адным пакоі з трыма дзяўчынамі. Дзве з іх амаль кожны дзень на мяне скардзіліся на маю неакуратнасць: што ў маім кутку былі раскіданы мае рэчы, сшыткі і кніжкі бессістэмна ляжалі на палічцы, касметыка стаяла не ў радок, іншы раз магла не прыбраць ложак і інш. Мне здавалася, ну якая ім справа? Але я чалавек самалюбівы, і мне такія заўвагі сапсавалі настрой.
А трэцяя мая суседка па пакоі адносілася да сваіх рэчаў так, як і я. І аднойчы, пасля чарговых такіх выхаванняў у мой бок, я была без настрою. Тады гэта дзяўчына мяне абадзёрыла: "Не сумуй! Проста мы з табою творчыя людзі!"
І гэтыя словы мяне быццам абудзілі. І як я раней гэтага не заўважала? І пачаўся пошук творчай мяне, які працягваецца і зараз, і невядома, калі ён скончыцца, і ці скончыцца наогул. Бо, як выявілася, мяне лёгка захапляюць зусім розныя творчыя напрамкі, але я яшчэ ніяк не знайшла той адзіны "той самы мой" занятак, якому б мне хацелася прысвяціць сваё жыццё. Таму, пэўна, на гэтай старонцы будуць прадстаўлены мае рознабаковыя творчыя эксперыменты...
Пра назву...
Чаму Пінгвін? Чаму шалёны? Чаму падарункаў? Чаму на беларускай мове?
Па-парадку..
Пінгвін:
Пінгвін - вядома, хоць і не лётае, але ўсё ж птушка. Вось і я сябе неяк так адчуваю - птушкай, але чамусьці не лётаю... Ці крылаў няма, ці слабыя? (Але гэта ўжо іншыя пытанні..)
А яшчэ пінгвіны вельмі прывабныя і пацешныя. =)
Шалёны:
"Народжаны поўзаць, усюды пралезе" - калі не лётае, значыць, можа рабіць нешта іншае, а паколькі захапленняў у мяне шмат і не магу вызначыцца з нейкім адным, то і кідаешся з аднаго боку у другі - таму і Шалёны.. =)
Майстэрня падарункаў - таму што я люблю дарыць падарункі. І ўсе мінулыя "стварэнні" былі падораны. =)
На беларускай мове - а гэта ўдо мае асабістыя тараканы. Дазволю сабе прывесці словы Францыска Скарыны: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».
Недзе ў марах мне б хацелася ажывіць ужыванне беларускай мовы. Каб на ёй размаўлялі не толькі дыктары на нацыянальным радыёканале, але і ўсе беларусы ад маленькіх да старых. Размаўлялі з гонарам, а не саромеліся.
І наогул, мяне здзіўляе, што іншаземцы цікавяцца беларускай мовай больш за саміх беларусаў (з майго вопыту зносін). Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Можа, я калі-небудзь напішу аб гэтым свой крык душы, але гэта старонка не аб гэтым...